28
Окт, 2014

Пры падтрымцы Банка БелВЭБ пачынаецца XL Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень»

XL Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” запрашае аматараў высокага мастацтва на канцэрты, якія адбудуцца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 28 кастрычніка па 25 лістапада 2014 года. Генеральны партнёр “Беларускай музычнай восені” – ААТ “Банк БелВЭБ”.

“Банк БелВЭБ уже чацверты год запар падтрымлівае гэты фестываль. Дапамога праектам, што рэалізуюцца Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, як і іншых праектаў у сферы культуры, - адзін з кірункаў рэалізацыі палітыкі банка ў сферы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці”, – сказаў Намеснік Старшыні Праўлення ААТ “Банк БелВЭБ” Мікалай Лузгін.

Традыцыйна фестываль увабраў найлепшае з мiравой музычнай скарбнiцы, творы i iмёны, прызваныя адчынiць дзеля шырокага кола слухачоў таямнiцы розных жанраў i стыляў сучаснай беларусскай i замежнай музыкi.

У саракавым фестывалі шмат прыемных успамінаў пра музыкаў, якія ўзбагацілі беларускую і сусветную культуру выдатнымі творамі. У Вялікай зале філармоніі адбудзецца канцэрт, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння прафесара Міхаіла Солапава (25.11), у якім возьмуць удзел Ігар Карнялюк (Санкт-Пецярбург) і Эдуард Ханок (Беларусь). “Музычная гасцёўня” i Дзяржаўны камерны хор Рэспублiкi Беларусь падрыхтавалi канцэртную праграму, прысвечаную 100-гадоваму юбілею Георгія Свірыдава (19.11). На вечары памяці кампазітара Яўгена Глебава (21.11) выступіць сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а таксама навучэнцы і выкладчыкі ДМШМ №10, якая носіць імя кампазітара. Не магла праграма фестываля абысцi творчыя дасягненнi выдатных музыкаў і педагогаў Анатоля Іосіфавіча Каландзёнка (23.11) і Івана Аляксандравіча Краснадубскага.

Ансамбль “Камерныя салісты Мінска” падрыхтаваў праграму да 300-годдзя з дня нараджэння К.В.Глюка. Пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава яны выканаюць не толькі творы К.В.Глюка, а таксама і К.Ф.Э.Баха, Дж.Дэмакі, Ё.Гайдна. Саліраваць будзе нямецкі скрыпач Фларыян Дойтэр.

На фестываль філармонія запрасіла выдатных музыкаў з усяго свету.З Масквы ў філармонію прыедуць Дзяржаўны струнны квартэт імя М.І.Глінкі, скрыпачы Дзмітрый Коган і Сцяпан Яковіч. 13 лістапада сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага выступіць разам з салістам Фларэнтыйскага опернага тэатра “Камунале” барытонам Уладзімірам Александровічам. З канцэртнай праграмай прыедуць лаўрэаты Маскоўскага міжнароднага конкурсу скрыпачоў імя Д.Ойстраха.

Ужо шмат гадоў Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” збірае лепшых салiстаў. Ён адкрыецца цымбальным трэмала Аляксандры Дзенісені і Міхаіла Лявончыка, якое падхопіць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча (28.10). Аляксандра Дзенісеня двойчы была адзначана стыпендыямі і тройчы - Гранд-прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, а таксама фіналісткай конкурсу маладых музыкаў «Еўрабачанне-2012» (Eurovision Young Musicians). Міхаіл Лявончык - адзін з самых вядомых канцэртуючых цымбалістаў Еўропы. Навучацца граць на цымбалах пачаў у раннім дзяцінстве, пераняўшы эстафету свайго бацькі - беларускага цымбаліста Аляксандра Лявончыка. Пачуць гукі цымбалаў можна будзе таксама ў Малай зале iм. Р.Шырмы 13 лістапада. У канцэрце “Тэорыя струн” возьмуць удзел цымбалістка Вераніка Прадзед, гітарыст Павел Кухта і піяністка Кацярына Марэцкая. Незвычайныя музычныя здольнасці, высокае выканальніцкае майстэрства і непараўнальны артыстызм адразу ж вылучаюць гэтых маладых музыкаў сярод іншых і звяртаюць на сябе ўвагу музычнай грамадскасці.

Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь у рамках цыкла “Класіка – гэта класна” падрыхтаваў праграму для дзяцей “Вакол свету за 80...хвілін”. Маленькіх слухачоў чакае шмат цікавага. Дарослых запрашае канцэрт Дзяржаўнага камернга аркестра 16 лiстапада – салiст Абрам Безайен (арган, Нарвегiя).

У год святкавання юбiлею Польскага інстытута ў Мінску ў межах “Беларускай музычнай восенi” Ансамбль салістаў “Класік-Авангард” i “Балотныя кавалеры” з Польшчы прызентуюць мадэрн-фольк праграму “Зерне” (05.11). Немагчыма ўявіць восень без чароўных гукаў джазавай музыкай - Уладзімір Чэкасін (саксафон) і Пятрас Генюшас (фартэпіяна) выканаюць новую арыгінальную канцэртную праграму 18 лicтапада.

На юбілейны XL Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” прыпадае шмат значных дат для творчых калектываў нашай краiны. 55 год святкуе Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь. Ён адзначыць гэтую падзею на сцэне Вялікай залы 14 лістапада. Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята” падрыхтаваў яркую праграму, прысвечаную свайму 30-годдзю (11.11). Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы на два гады маладзейшая за філармонію – у гэтым сезоне калектыў адзначае 75 год. 14 лістапада ён прадставіць святочную канцэртную праграму “І нават танец можна спець...” ў Малой зале iм.Р.Шырмы.

XL Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” мае багатую стылёвую і жанравую палітру. У праграме – iнструментальная камерная i сімфанічная музыка, фольк, джаз, мастацкае слова i народныя танцы. Кожны знойдзе канцэрт па сваім гусце. З кожным асеннім днём на вуліцы становіцца халадней. Канцэртныя залы філармоніі сагрэюць сваёй утульнасцю, і “Беларуская музычная восень” агорне прыемнымі гукамі музыкі.
 
 

Возврат к списку