Джаз і мастацтва

Джаз і кіно

Пасля таго, як фільм «Спявак джаза» распачаў эру гукавога кіно, джаз трывала заняў месца на экранах. Ды якое! Ужо на пачатку 80-х XX стагоддзя англійскі даведнік «Джаз у кіно» згадваў больш за 3700 розных стужак, у якіх гучыць джаз. Пры гэтым усе гэтыя фільмы можна падзяліць на тры групы.

Першая — фільмы, у якіх галоўнымі дзейнымі асобамі былі музыкі: Дзюк Элінгтан («Cabin In The Sky», 1943), Бэсі Сміт, Пол Уайтмэн, Луі Армстранг, Глен Мілер («Sun Valley Serenade», 1941) і многія іншыя.

Сюды ж можна дадаць фільмы, якія пераказвалі біяграфіі джазавых зорак, а таксама знакаміты дакументальны серыял «Jazz» Кена Бёрнса (2001).

Другая група — фільмы, у якіх джаз з’яўляецца асноўнай тэмай. Гэта і савецкая класіка ад «Весёлых ребят» (1934) да «Мы из джаза»,

«Round Midnight» (1986), «Some Like It Hot» (1959), вядомы ў нас як «В джазе только девушки», «Whiplash» (2014).

Нарэшце, трэцяя група — стужкі, у саўндтрэках якіх гучыць джаз аўтарства вядомых музыкаў. Для кіно, у тым ліку і мультфільмаў, пісалі Куінсі Джонс, Хэрбі Хэнкак, Мішэль Легран, Кшыштаф Камеда, Майлс Дэвіс і інш.

Джаз і літаратура

Джазавая музыка па нараджэнні хутка прыцягнула ўвагу пісьменнікаў. У творах часткі з іх джаз паўставаў як дэталь сюжэта, у іншых гэтая музыка становіцца ў цэнтр сюжэта. Ніжэй згадваюцца толькі некаторыя аўтары і напісаныя імі творы, якія пакінулі заўважны след у гісторыі літаратуры.

Найперш варта згадаць Хуліо Картасара і ягоныя раманы «Гульня ў класікі» і «Пераследвальнік», такiя раманы Харукі Муракамі, як «Пінбол-1973», «Паслязмрок», «На поўдзень ад мяжы, на захад ад сонца», зборнік эсэ «Джазавыя партрэты» Харукі Муракамі. Дарэчы, гэты японскі пісьменнік мае ў асабістай калекцыі каля 40 тысяч джазавых вінілаў.

Далей неабходна назваць раманы «У дарозе» Джэка Керуака, «1900. Легенда аб піанісце» Алесандра Барыка, «Сняданак у Ціфані» Трумэна Капотэ, «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скот Фіцджэральда, «Рэгтайм» Эдгара Л. Дактароў, «Адзінота ў сетцы» Януша Леана Вішнеўскага, «Кока», «Таямніца», «Містар Ікс», «Глотка» Пітара Страўба...

Джазавыя музыкі знаходзяцца і ў цэнтры рамана «Саксафон Чынгісхана» айчыннага пісьменніка Дзмітрыя Падбярэзскага. Гэта напэўна адзіны «джазавы» раман у свеце, напісаны на беларускай мове.

Што да кніг, у якіх даследуецца джаз і гісторыя ягонага развіцця, дык такіх выданняў літаральна сотні...

Джаз і выяўленчае мастацтва

Гэтак жа сама, як з цягам часу паўставалі новыя стылі джаза, а ў інструментарый уваходзілі раней зусім не тыповыя для джаза сродкі выказвання, так і выяўленчае мастацтва ўцягвала ў сябе новыя тэмы і тэхнікі выканання.

Нядзіва, што джаз прыцягнуў да сябе ўвагу мастакоў. Адным з найбольш вядомых аматараў джаза быў Анры Маціс, які нават напісаў прысвечаную джазу кнігу і аздобіў яе ўласнымі ілюстрацыямі, што былі выкананы ў тэхніцы аплікацыі.

Народжаны ў 1913 годзе амерыканскі графік Дэвід Стоўн Марцін прысвяціў джазу шмат гадоў, стварыўшы дызайн больш за 400 вінілавых альбомаў.

Увогуле, многія мастакі, графікі, скульптары аддавалі даніну джазу. Гэта і адзін з буйнейшых прадставікоў поп-арта амерыканец Джэймс Розенквіст, француз Поль Кален, ізраільцянін Натан Брутскі, Ніл Ланге, Лена Карпінскі.

Нават самі музыкі працуюць як мастакі. Яскравы прыклад — смаленскі віяланчэліст, выканаўца новага джаза Уладзіслаў Макараў. З беларускіх мастакоў варта назваць Марыю Барысевіч, якая шмат часу надае прыкладным творам на тэмы блюза і джаза.

Выставы выяўленчага мастацтва часта суправаджаюць джазавыя фестывалі. Так, у кастрычніку 2015 года ў Штутгарце адбылася выстава «Я зарадзіўся рытмам. Выяўленчае мастацтва і джаз ад 1920-х да нашых дзён».

Варта спадзявацца, што ў будучыні і фэсты «Джаз ля Ратушы» будуць суправаджацца выставамі выяўленчага мастацтва найперш беларускіх аўтараў.