• ХІХ
    Вытокі джаза.
    Другая палова ХІХ ст.

    Джаз як напрамак музыкі сфармаваўся на аснове адразу некалькіх крыніц. Гэта, найперш, працоўныя песні — фальклорны жанр, які паўстаў на падставе песнапенняў афрыканскіх перасяленцаў. Затым варта назваць балады, перайначаныя цемнаскурымі насельнікамі Амерыкi з рэпертуару белых перасяленцаў, пераважна былых жыхароў Англіі і Шатландыі. Спірычуэл — духоўныя песні негрыцянскага насельніцтва на біблейскія сюжэты, якія выконваліся салістам у суправаджэнні хору. Блюз. Ён атрымаў распаўсюд па сканчэнні грамадзянскай вайны ў ЗША, выконваўся часцей за ўсё ў суправаджэнні гітары.

  • 1890
    Рэгтайм і бугі-вугі

    Калі ўсе папярэднія музычныя формы былі збольшага ананімныя, дык са з’яўленнем рэгтайма асновы джаза набылі аўтарскі падмурак: так, п’еса Скота Джопліна “Maple Leaf Rag” зрабілася ці не першым сапраўдным хітом у гісторыі джаза. А вось найбольш ранні стыль джаза пад назваю бугі-вугі — гэта ні што іншае, як фартэпіянная версія блюза.

  • 1910
    Дыксіленд

    Цэнтрам нараджэння джаза і найперш дыксіленда традыцыйна лічыцца Ню-Арлеан і суседнія штаты поўдня Паўночнай Амерыкі. Гэтая музыка гучала перадусім на вуліцах: музыкі альбо маршыравалі па горадзе, альбо раз’язджалі на вазах. З пачаткам І сусветнай вайны большасць музыкаў перабралася ў Чыкага, дзе і адбывалася эвалюцыя стылю.

  • 1930
    Свінг

    Гэтыя гады — росквіт джаза ў выкананні вялікіх аркестраў. Французскі гісторык джаза Юг Панасье лічыў, што ягоная гісторыя скончылася менавіта напрыканцы 30-х, калі ўнутры біг-бэндаў пачалі ўтварацца комба. Даследчыкі джаза вызначаюць два асноўныя яго перыяды: традыцыйны (свінг) і джаз сучасны.

  • 1940
    Бібоп

    Сучасны джаз прынята адлічваць ад пачатку 40-х, калі сцэнай завалодаў бібоп. Ён выконваўся пераважна малымі складамі, ад трыё да квінтэта і, адрозна ад свінга, ігнараваў выкананне на пачатку тэмы п’есы. Музыкі адразу пачыналі імправізаваць.

  • 1950
    Хард-боп і кул

    Хард-боп з’яўляецца далейшай эвалюцыяй бібопа. Ад свайго папярэдніка адрозніваецца большай вітальнасцю і больш развітымі гарманічнымі хадамі.

    Кул-джаз, адрозна ад бопа, вызначаўся стрыманымі эмоцыямі, паглыбленнем у змест і мяккім гучаннем.

    У гэтыя ж гады нарадзіўся стыль прагрэсіў, вядомы яшчэ як “трэцяя плынь”. Ён сінтэзаваў джаз і акадэмічную музыку і дазволіў першаму выйсці з клубаў на прэстыжныя філарманічныя сцэны.

  • 1960
    Фры-джаз

    Мяжа 50-ых і 60-ых — нараджэнне фры-джаза і мадальнага джаза. Першы быў пазначаны спантанным характарам імправізавання з ужываннем сучасных кампазітарскіх тэхнік, другі абапіраўся на складаныя ладавыя структуры.

  • Канец 60-ых
    Джаз-рок

    Бліжэй да канца дэкады пад уплывам развіцця рок-музыкі нарадзіўся стыль джаз-рок, які пазней, у 70-80-ыя гг. цягам развіцця ператварыўся ў стыль ф’южн. Асаблівасці гэтай музыкі ў спалучэнні элементаў джаза, рока і фальклору краін Афрыкі, Усходу, Лацінскай Амерыкі.

  • 1990
    Эйсiд-джаз, ню-джаз i iншыя

    Наступныя дзесяцігоддзі пазнаёмілі публіку з такімі стылямі, як эйсід-джаз, ню-джаз і іншымі менш значнымі стылямі, якія пры гэтым ніколі не рабіліся пануючымі. І калі паспрабаваць неяк ахарактэрызаваць джазавую музыку сучаснасці, дык з гэтым будуць пэўныя праблемы.

  • Наш час
    Калейдаскоп стыляў

    Цяпер джазавая палітра настолькі стракатая, што вызначыць нейкі адзін вядучы стыль немагчыма. Джаз працягвае ўсмоктваць у сябе ўсё, што маецца ў свеце музыкі і гэтак жа шчодра дзяліцца сваімі здабыткамі з іншымі напрамкамі музыкі. Сёння ўжо нікога не здзіўляюць самыя неверагодныя спалучэнні інструментаў у складзе аднаго бэнда, не чутыя раней формы кампазіцый, прысутнасць на джазавай сцэне візуальных і тэатральных форм.

    Калі яшчэ нядаўна было магчымым больш-менш выразна правесці межы паміж джазам амерыканскім і еўрапейскім, сёння ў гэтым аніякай патрэбы няма.